“Мая чароўная Беларусь”
01.12.2021Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне – асноўны і вельмі важны накірунак выхаваўчай работы як у школе, так і ў кожным класе паасобку. У сённяшняй складанай палітычнай сітуацыі задача № 1 сям’і, педагогаў і грамадскасці – выхаванне патрыятызму, павагі да нацыянальных здабыткаў і каштоўнасцей у маладога пакалення беларусаў.
У нашай школе праводзіцца шмат мерапрыемстваў, якія накіраваны на дасягненне пастаўленай задачы. Так, у межах работы школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў прайшла адкрытая класная гадзіна ў 4 класе “Мая чароўная Беларусь” (класны кіраўнік Рэбкавец Ж.Р.). Галоўнымі мэтамі гульні-віктарыны былі наступныя: спрыяць фарміраванню ў вучняў патрыятычных якасцей, павагі да нацыянальных здабыткаў рэспублікі; развіваць пазнавальную актыўнасць і творчыя здольнасці навучэнцаў; выхоўваць любоў да сваёй Радзімы.
Дзве каманды “Васількі” і “Рамонкі” спаборнічалі паміж сабой у конкурсах “Мастакі зямлі беларускай”, “Падумай і адкажы”, “Горад Беларусі”, “Рэкі і азёры Беларусі”, “Загадкі”, “Перакладчыкі”, “Добры знаўца прыроды”, “Прыказкі і прымаўкі”. У рэшце рэшт перамагло “сяброўства”.
Падчас гульні вучні слухалі запіс песні “Мой родны кут”, чыталі вершы В. Віткі “Беларусь”, Г. Бураўкіна “Рэкі Беларусі”, В. Жуковіча “Беларус”.
У падагульняючай гутарцы з настаўнікам навучэнцы зрабілі вывады, што усе мы, жыхары Рэспублікі Беларусь, павінны шанаваць і берагчы сваю Радзіму, знаёміцца, авалодваць і захоўваць традыцыі і культуру свайго народа, берагчы прыгажосць сваёй мовы, вывучаць гісторыю людзей, якія жылі да нас.
…Яркая зорка надзеі гарыць,
Торыцца шлях наш вякамі.
Шчасце трывалае можна стварыць
Толькі сваімі рукамі.
Можна ў далёкіх краінах пабыць –
Хай там марскіх, а ці горных…
Нельга радзімых мясцінаў забыць,
Фарбаў лясных і азёрных.
Пасябраваць можна з мовай чужой,
Ёю валодаць свабодна;
Нельга адно - здрадзіць роднай сваёй
І адрачыся ад роднай.
Белы ручнік мой, белы абрус.
Вышыла мама кашулю.
Не прамяняю сваю Беларусь –
Не выбіраю матулю (В. Жуковіч).
П.П. Кахавец, кіраўнік школьнага вучэбна-
метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў