Дзень Канстытуцыі РБ

15.3.2014

    15 сакавіка споўнілася 20 гадоў асноўнаму закону дзяржавы – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Усяго 20 гадоў… А наша краіна, гаворачы словамі Янкі Купалы, ужо заняла “свой пачэсны пасад між народамі”. Стабільнае сацыяльна-палітычнае, эканамічнае становішча, выдатныя дасягненні ў навуцы, культуры, адукацыі, спорце…
    Асабліва святочны настрой у гэты дзень панаваў ў нашай Чухаўскай сярэдняй школе: цэлы шэраг мерапрыемстваў чакаў вучняў, педагогаў, гасцей.
    Спачатку ўрачыста, пад гімн Рэспублікі Беларусь, адбылося адкрыццё свята. І.П. Кірыковіч, выконваючы абавязкі старшыні Навадворскага сельвыканкама, выступіў з віншавальнымі словамі, засяродзіў увагу прысутных на значнасці Канстытуцыі для кожнага чалавека, на тым, што яна з’яўляецца гарантам дэмакратыі, незалежнасці нашай дзяржавы. В.М. Шпакоўская, педагог сацыяльны школы, пазнаёміла аўдыторыю з асноўнымі правамі і абавязкамі грамадзян, адлюстраванымі ў Канстытуцыі. Маленькія жыхары нашай школы чыталі са сцэны вершы пра Радзіму. Чыталі шчымліва, з хваляваннем. Патрыятычнымі песнямі парадавалі ўсіх прысутных вучаніцы 5 класа Вольга Лопух і Вольга Касніковіч, калектыў спевакоў Чухаўскага СДК.
    У гэты дзень былі ўручаны білеты і значкі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, а таксама кнігі-падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь тым, каму будаваць дзяржаву для людзей, для сённяшняга і будучага пакаленняў – дзяржаву сацыяльнай справядлівасці, сапраўды народную дзяржаву. Маладыя грамадзяне Беларусі прынялі клятву на вернасць Радзіме.
Але свята на гэтым не скончылася. Вучні 1-4 класаў прынялі ўдзел у ранішніку “Мае правы”, вучні 5-6 класаў – у пазнавальна-гульнёвай праграме “Я люблю Беларусь”, вучні 7-9 класаў – у спаборніцтвах па футболу.
    Вельмі цікавай атрымалася выстава малюнкаў малодшых школьнікаў “Мая Беларусь”. “Аляксей Ненадавец – наш зямляк” – іменна так называлася выстава, прысвечаная земляку-навукоўцу, доктару філалагічных навук, прафесару, выпускніку школы. Прысутным былі прадстаўлены фотаздымкі даследчыка, яго вершы і малюнкі, шматлікія кнігі і аўтографы, творчыя работы вучняў, прысвечаныя А. Ненадаўцу. Асобна была арганізавана выстава кніг, прысвечаная асвятленню пытанняў палітычнага, сацыяльнага, эканамічнага, культурнага развіцця Рэспублікі Беларусь. Вучні мелі магчымасць патрымаць у руках Канстытуцыю, бліжэй пазнаёміцца з ёю.
    Свята, прысвечанае Дню Канстытуцыі краіны, было яркім і насычаным, як своеасаблівы напамінак, што Беларусь нам будаваць разам, што трэба берагчы нацыянальнае адзінства. Бо Радзіма – як другая маці. Яе не выбіраюць і не губяць, а проста берагуць і любяць!