Школа і сям’я – партнёры ў выхаванні дзяцей

17.10.2017

    Першы бацькоўскі сход у нашай школе прайшоў 14 кастрычніка. “Школа і сям’я – партнёры ў выхаванні дзяцей” – менавіта так была абазначана яго тэма. На сходзе былі разгледжаны важныя пытанні як для бацькоў, так і для педагагічнага калектыву школы. Так, па першым пытанні слухалі Г.В. Саланевіч, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, якая пазнаёміла прысутных з правіламі і асаблівасцямі атэстацыі навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў.
    Далей слова ўзяла Ю.Р. Кахавец, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. У сваім паведамленні яна расказала аб асаблівасцях арганізацыі работы школы ў шосты школьны дзень, засяродзіла ўвагу прысутных на якасным напаўненні сайта школы па пытаннях арганізацыі шостага дня.
    Педагог сацыяльны школы А.М. Ерш ужо не ў першы раз гаварыла з бацькамі пра іх адказнасць за выхаванне дзяцей. З вынікамі работы апякунскага савета школы , мэтамі яго работы ў новым навучальным годзе пазнаёміла ўсіх прысутных яго старшыня Ж.Р. Рэбкавец.
    Падчас сходу бацькі змаглі задаць адміністрацыі школы пытанні, якія іх хвалявалі: падвоз, харчаванне вучняў, забяспечанасць падручнікамі і інш. І на ўсе пытанні атрымалі вычарпальныя адказы.
    Пасля афіцыйнай часткі сходу бацькоў чакаў прыемны сюрпрыз – віншавальная канцэртная праграма да Дня маці “Для вас родныя, дарагія”. Са сцэны гучалі песні ў выкананні Валерыі Семянчук і Крысціны Селюжыцкай, Іны Міхайлаўны Кірыковіч і яе дачкі Аляксандры, сясцёр Шпакоўскіх. Вучні таксама прадэманстравалі бацькам свае здольнасці ў тэатральнай творчасці, тым самым узняўшы ім настрой. Бо ўсе сцэнкі, паказаныя імі, былі, так сказаць, “на злобу дня”. Хтосьці ад душы смяяўся, а хтосьці, магчыма, пазнаў у акцёрах самога сябе. Разнастаілі праграму і танцавальныя нумары. Шчымлівым заключным акордам была песня “Мама” ў выкананні Ю.Р. Кахавец, І.М. Кірыковіч, А.М. Ерш. Падчас яе гучання многія з бацькоў вярнуліся ў сваё басаногае дзяцінства, да парога, на якім нібыта іх чакае маці, каб паслухаць “песню-калыханку залатую”. І тут у многіх прысутных росна пацяклі слёзы. Магчыма, было закранута нешта сакральнае для іх душы. І гэта добра. Значыць, сустрэча з бацькамі атрымалася карыснай і плённай, радаснай і цікавай, цёплай і шчымлівай.

ФОТО

Ю.Р. Кахавец, намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце.