Карысныя канікулы. Дзень 7-мы, або Сямейнае спартыўнае свята “Са здароўем сябруем, жывем, не сумуем!”

08.11.2017

    Вось і скончыліся асеннія канікулы – радасныя, доўгачаканыя і, канечне, карысныя. Ізноў навучэнцы селі за парты пазнаваць і адкрываць неспазнанае для сябе. Але канікулы надоўга застануцца ў іх памяці. Бо яны сапраўды былі цікавымі, яркімі, запамінальнымі.
    Так, у ДУА “Чухаўская сярэдняя школа” Пінскага раёна педагагічным калектывам быў распрацаваны спецыяльны план мерапрыемстваў на асеннія канікулы: работа аздараўленчага лагера з дзённым прыбываннем, экскурсіі ў музеі, установы прафесійнай адукацыі і прадпрыемствы, паходы, спартыўныя спаборніцтвы, работа аб’яднанняў па інтарэсах і інш.
    Своеасаблівым заключным акордам канікул у школе стала сямейнае спартыўнае свята “Са здароўем сябруем, жывем, не сумуем!”, галоўнай мэтай якога было ўмацаванне сувязяў “сям’я-школа”, накіраваных на выхаванне здаровага ладу жыцця. У спартыўнай зале сабраліся бацькі і дзеці, каб паспаборнічаць у сіле і спрыце, хуткасці і вынослівасці, і, самае галоўнае, каб правесці свой вольны час разам і карысна. Хочацца адзначыць сем’і, якія прыйшлі на свята ў поўным саставе: сям’я Васілія і Вольгі Мікалаеўны Мядун, Дзмітрыя Паўлавіча і Наталлі Васільеўны Нарывончык, Сяргея Адамавіча і Вольгі Сцяпанаўны Шпакоўскіх.
    Зборныя каманды бацькоў і дзяцей вадзілі тэніснай ракеткай паветраны шарык, пускалі дроцікі, былі чоўнікамі, перапаўзалі мат, пералазілі праз абруч, перамяшчаліся са звязанымі нагамі, былі “сіямскімі блізнятамі”, шлі з цяжкімі торбамі з магазіна, запрагаліся ў аброць, перацягвалі канат, а таксама складалі вершы і дэманстравалі гледачам акцёрскае майстэрства. І ўсё гэта з вялікім імкненнем, дружна, мэтанакіравана і, адначасова, весела і заўзята.
    І ўдзельнікі, і гледачы атрымалі шмат станоўчых эмоцый, зарад бадзёрасці і аптымізму. Выказваем шчырую падзяку ўсім удзельнікам свята і спадзяемся на далейшае супрацоўніцтва.

ФОТА

Ю.Р. Кахавец, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце