Арыенціры суботняга адпачынку

21.11.2017

    Прайшла яшчэ адна субота ў нашай школе, па-свойму цікавая і карысная. У малодшым звяне прайшло свята загадак “Загадалкі”, якое было арганізавана класным кіраўніком 3 класа А.У. Свірыд. Розныя загадкі прапанавалася адгадаць вучням: і пра з’явы прыроды, і пра раслінны і жывёльны свет, і пра прадметы быту. Падчас мерапрыемства удзельнікі гулялі і ў беларускія народныя гульні “Пярсцёнак”, “Дзень добры, дзядуля!”.
    “Карысныя і шкодныя звычкі” – пад такой назвай прайшоў практычны занятак-трэнінг, арганізаваны для навучэнцаў школы педагогам сацыяльным А.М. Ерш. З дапамогай аналітычных заданняў, пытанняў на разважанне, праблемных пытанняў, трэнінгавых момантаў, творчых заданняў выявіліся ўяўленні навучэнцаў аб тым, што з’яўляецца шкодным і карысным для чалавека. Акрамя гэтага, мерапрыемства было накіравана на фарміраванне ў дзяцей імкнення набываць карысныя звычкі і пазбягаць шкодных.
    Тым часам у фае школы праходзіла таварыская сустрэча па настольным тэнісе сярод лепшых спартсменаў Чухаўскай і Пагост-Загародскай сярэдніх школ. Такія сустрэчы – вельмі важны этап у працэсе падрыхтоўкі спартсмена да спаборніцтваў. Менавіта падчас іх выяўляюцца моцныя і слабыя бакі ў тэхніцы вядзення гульні. Нашы вучні іх знайшлі. Засталося над імі добра папрацаваць, давесці да дасканаласці! Поспехаў!

ФОТА

Ю.Р. Кахавец, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце