Сустрэча мінулага і сучаснага…

05.12.2017

    Дадатковая адукацыя – неад’емная частка ўсяго вучэбна-выхаваўчага працэсу школы. Па праграмах дадатковай адукацыі ў нашай школе займаюцца 84 вучні. Яны наведваюць 11 аб’яднанняў па інтарэсах і 3 спартыўныя секцыі.
    Вялікая ўвага надаецца гурткам мастацкага і турысцка-краязнаўчага профілю. Іх у школе – 6 (“Непаседы”, “Майстрыхі”, “Каласок”, “Сябры даўніны”, “Юныя турысты”, “Пешаходны турызм”). Разнастайныя формы работы, нязмушаныя абставіны для творчасці і новых адкрыццяў, добры мікраклімат у калектывах гурткоў, адказнасць і мэтанакіраванасць іх кіраўнікоў даюць свае вынікі. А за імі – тытанічная праца педагогаў і, адпаведна, навучэнцаў.
    Педагогі дадатковай адукацыі нашай школы практыкуюць інтэграваныя заняткі. Менавіта такі занятак адбыўся ў краязнаўчым пакоі школы, дзе сабраліся “сябры даўніны” (члены краязнаўчага гуртка) і “каласкі” (члены фальклорнага гуртка “Каласок”). Да сябе ў госці яны запрасілі Венеру Рыгораўну Папіціч, мастацкага кіраўніка фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Чабатухі”, загадчыцу Сташанскага Дома фальклору.
    На пачатку сустрэчы А.М. Ерш, кіраўнік гуртка “Каласок”, пазнаёміла прысутных са зборнікам фальклорных твораў, які адкрывае песня, запісаная аўтарам-складальнікам у 1985 г. ад тых жа самых “Чабатух”. Аб сваім творчым лёсе і мастацкай дзейнасці расказвала далей і сама Венера Рыгораўна, дэманструючы навучэнцам памятныя фотаальбомы, асобныя фотаздымкі, газетныя артыкулы.
    Расказвала Венера Рыгораўна і пра традыцыйныя абрады, уперасыпку ілюструючы іх песнямі. Аднак юных краязнаўцаў і фалькларыстаў-выканаўцаў больш цікавіла каляндарна-абрадавая паэзія. Падчас прадуктыўнага дыялогу выявілася, што нашы “каласкі” ведаюць і выконваюць велікодную песню, якую вядомая “чабатуха” і не чула, а таму папрасіла запісаць яе тэкст.
    Не ўпусцілі свайго і юныя краязнаўцы. Свет экспанатаў пакоя для іх яшчэ малавядомы. Засыпалі яны Венеру Рыгораўну пытаннямі “А што гэта?”, “А для чаго гэта?”… І яна давала ім змястоўныя адказы, часам нават паказвала. Так, напрыклад, прадэманстравала навучэнцам як уручную малацілі жыта, паказала як з дапамогай бура капалі ямы для стаўпоў, як вялізнай пілой распускалі драўніну, як карысталіся жорнамі. Вучні даведаліся нават, чаму не кісне малако ў гліняным глечыку.
    На вуліцы змяркалася. А развітвацца не хацелася ні навучэнцам, ні педагогам, ні гасцям. Бо ўжо досыць цікавай, пазнавальнай і карыснай атрымалася сустрэча. Сустрэча мінулага і сучаснага…

ФОТА

Ю.Р. Кахавец, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце