Рады сустрэчы

07.02.2018

    2 лютага 2018 года наша школа ласкава расчыніла свае дзверы для сваіх выпускнікоў, чые галасы ў свой час гучна і звонка напаўнялі школьныя класы і калідоры, чые поспехі і дасягненні ў свой час былі крыніцай радасці і гонару настаўнікаў. На сустрэчу сабраліся выпускнікі-юбіляры, якім з моманту заканчэння школы споўнілася 55, 50, 45, 40, 35, 30, 25, 20, 15, 10 і 5 гадоў. Прыйшлі на сустрэчу тыя, у каго школа і настаўнікі да гэтай пары ў сэрцы. Прыйшлі, каб з дарослых дзядзек-цётак ізноў ператварыцца ў школьны гарэзлівы атрад.
    Стоячы віталі выпускнікі сваіх любімых настаўнікаў, свайго дырэктара Мікалая Захаравіча Кураша. Здавалася, што іх апладысментам не будзе канца. І не дзіўна: 28 гадоў Мікалай Захаравіч узначальваў Чухаўскую сярэднюю школу. Праз яго клапатлівыя і працавітыя рукі прайшло столькі пакаленняў выпускнікоў!
    Традыцыйная пераклічка – і вечар пачаўся. На сцэну выходзілі выпускнікі, каб успомніць сваё дзяцінства і юнацтва, каб выказаць падзяку настаўнікам за іх працу. Яны гаварылі пра тое, наколькі важным этапам у жыцці маладога пакалення з’яўляецца школа. Яны замілавана глядзелі на сучасных вучняў, апранутых у “іх” школьную форму. Яны дружна падпявалі маладым выканаўцам падчас выканання імі “іх” песен.
    Хвалявалася вельмі і маладая порасль – сучасныя вучні, таму што перад імі стаяла вельмі важная задача – вярнуць у дзяцінства выпускнікоў, дакрануцца да іх сэрцаў. І яны з ёю справіліся. Ролі, у якіх яны паўставалі перад гледачамі падчас мастацкіх нумароў, былі выдатна выкананы. Хтосьці ў маладых артыстах пазнаваў сябе, хтосьці аднакласнікаў і нават настаўнікаў.
    І вось – апошнія акорды, удзячныя апладысменты. Але выпускнікам так не хацелася пакідаць утульную і прыгожую залу, хацелася яшчэ пабыць дзяцьмі.
    Да новых сустрэч, дарагія выпускнікі! Няхай юбілеяў будзе яшчэ шмат!

ФОТА

Ю.Р. Кахавец, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце