«Аляксею Ненадаўцу – 60»

07.03.2018

    «Аляксею Ненадаўцу – 60». Менавіта пад такой назвай у нашай школе 1 сакавіка адбылася літаратурная вечарына. Вы можаце запытацца: “А хто ж такі Аляксей Ненадавец?” Адкажам: “Выпускнік нашай школы, вядомы беларускі фалькларыст, міфолаг, літаратуразнаўца, гісторык, краязнаўца, доктар філалагічных навук, прафесар”.
    На жаль, сам Аляксей Міхайлавіч не змог прыехаць да нас з Бабруйска. Не дазваляе шчыльны графік работы, далёкая дарога і не зусім спрыяльнае надвор’е. Затое былі паважаныя госці: А.Л. Ільін, кандыдат фізіка-матэматычных навук ПалесДУ, М.І. Ляшук, паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і іншыя паэты Піншчыны, работнікі Цэнтральнай бібліятэкі імя Я. Янішчыц. Менавіта з іх вуснаў даляталі да слухачоў звесткі пра жыццё і плённую творчую працу Аляксея Міхайлавіча, яго вершы. Сваім уражаннем аб прачытанні кнігі А. Ненадаўца “Тэадор Нарбут” падзяліўся з прысутнымі А.Л. Ільін. Аб следзе Аляксея Міхайлавіча ў сваім жыцці расказала слухачам Ю.Р. Кахавец, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. Настаўнікам беларускай мовы і літаратуры І.М. Кірыковіч была падрыхтавана выстава кніг прафесара-земляка з аўтографамі. Знайшлі на ёй месца кнігі, якія прысвечаны малой радзіме Аляксея Міхайлавіча, землякам (“Чухава”, “Бацькоўская хата”, “Цячэ рэчанька”, “Мае спеўныя землякі”). Госці мелі магчымасць паглядзець фотаздымкі А. Ненадаўца з яго асабістага архіва.
    Вечарына атрымалася. Ганарымся сваімі выпускнікамі, сваімі аднавяскоўцамі.

ФОТА

Ю.Р. Кахавец, намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце