У добры шлях, дарагія нашы выпускнікі!

11.06.2018

    Школьная пара – важны фрагмент у карціне шчасця кожнага з навучэнцаў. Невыпадкова выраз “другі дом” стаў амаль сінонімам слова “школа”. Сюды дзеці прыходзяць зусім малымі, без вопыту, ведаў, без разумення свету. Іх сустракае першы настаўнік, якому неабходна падтрымліваць няўпэўненых, сціплых, някемлівых хлопчыкаў і дзяўчынак у пачатку іх станаўлення. Прабягаюць гады – і гэты настаўнік, які быў для іх компасам на шляху да ведаў, назірае з залы за дарослымі мэтанакіраванымі выпускнікамі, радуецца за іх поспехі, і трымае ўнутры сябе спадзяванне на іх шчаслівую будучыню.
    9 чэрвеня падчас выпускнога балю ўглядалася і я ў твары выпускнікоў нашай школы і бачыла радасць, змешаную з сумам. Яны адчувалі сябе дарослымі, бо атрымалі атэстат сталасці. А разам з тым чыталася ў іх вачах нейкая боязь ад няведання таго, што чакае наперадзе. 8 хлопцаў і 11 дзяўчат разам дружна прайшлі адзінаццаць школьных гадоў. Нямала прыемных момантаў перажыла са сваімі вучнямі і класны кіраўнік Марына Міхайлаўна Семянчук. Яна, напэўна, перажывала тыя ж пачуцці. А колькі разоў яе яшчэ агорнуць прыемныя ўспаміны і хваляванні!
    Як складзецца жыццё сёлетніх выпускнікоў – пакажа час. Магчыма, іх імёны мы пачуем праз некалькі гадоў, калі імі будуць заваяваны першыя вяршыні.
    А пакуль што – у добры шлях, дарагія нашы выпускнікі!

ФОТА

Ю.Р. Кахавец, намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце