Экскурсія пра тое, як на наш стол трапляе малако

25.10.2018

    З першых гадоў навучання ў нашай школе ствараюцца ўмовы для сістэматычных і рэгулярных заняткаў з мэтай пашырэння першапачатковых уяўленняў аб ролі працы ў жыцці людзей, аб свеце прафесій. Дзецям прадстаўляецца магчымасць "прымерыць на сябе розныя прафесіі" ў гульнявой сітуацыі. У час экскурсій пашыраюцца веды дзяцей аб прафесіях людзей. Яны знаёмяцца з асноўнымі працоўнымі аперацыямі, з абсталяваннем і механізмамі.
    Так, 19 кастрычніка дзеці пачатковых класаў наведалі тэрыторыю малочна-таварнай фермы ААТ "Навадворскае-Агра". Усе адразу звярнулі ўвагу на чысціню вакол: плот пафарбаваны, трава скошана, усюды прыбрана і дагледжана…
    Сустрэла дзяцей загадчыца Ала Рыгораўна Казак і правяла іх у даільную залу.
    Дзеці назіралі, як каровы заходзяць і становяцца ў кабінкі для даення. Аператары машыннага даення выціраюць вільготнай сурвэткай вымя і саскі кароў, а затым падключаюць даільныя апараты. Каля кожнай каровы стаяць прыборы, якія лічаць, колькі літраў малака дала карова. Калі карова падаілася, загараюцца чырвоныя лямпачкі і даільны апарат адключаецца. Ад даільнага апарата па тонкім трубачках малако ідзе ў тоўстыя трубы, а затым у вялікі халадзільнік. Калі ўсе каровы падояцца, адкрываюцца вароты-крылы і каровы выходзяць, а туды заходзяць іншыя. Затым Ала Рыгораўна правяла дзяцей у іншы будынак - кароўнік, дзе каровы сілкуюцца і адпачываюць.
    Вялікую асалоду атрымалі дзеці пры наведванні ясляў, у якіх знаходзяцца цяляты розных узростаў. Дзеці ўбачылі як цяляты цягнуцца да Алы Рыгораўна, ліжуць ёй руку. Ім таксама захацелася памацаць маленькіх цялят. Спачатку гэта паспрабавалі самыя адважныя, а затым і ўсе астатнія. Дзеці ўбачылі і даведаліся, што жывуць цяляты не ўсе разам, як каровы, а ў асобных клетках. У кожнага цялятка ў вуху знаходзіцца чып, у якім напісана ўся інфармацыя аб жывёліне.
    Хлопчыкі і дзяўчынкі сваімі вачыма ўбачылі, як прыходзяць да іх на стол малако і малочныя прадукты. І колькі людзей працуе над гэтым.

ФОТА

А.У. Свірыд, настаўнік пачатковых класаў,
класны кіраўнік 4 класа